СРО́ДКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

сукупнасць прадметаў і сродкаў працы, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе вытв-сці матэрыяльных даброт. Прадметы працы — усё, што апрацоўваецца і на што накіравана праца чалавека. Да іх належаць прадметы, дадзеныя непасрэдна прыродай (руда, нафта, вугаль, што здабываюцца з нетраў зямлі), а таксама сыравіна — часткова апрацаваныя прадметы (кокс, бавоўна, піламатэрыялы). Сродкі працы — рэчы, прылады, з дапамогай якіх чалавек апрацоўвае прадметы працы. Да іх належаць прылады працы (абсталяванне, машыны, прыборы, станкі), вытв. будынкі і збудаванні, дарогі, трубаправоды, каналы, сродкі перавозкі грузаў (таварныя вагоны, платформы і інш.), ёмістасці для захоўвання прадметаў працы (цыстэрны, бочкі, балоны) і інш. С.в. ствараюць рэчыўны фактар вытв-сці, з’яўляюцца састаўной часткай прадукцыйных сіл грамадства. Пад уплывам пануючых вытв. адносін С.в. ў розных фармацыях грамадска-эканамічных выступаюць у розных формах (напр., абаротныя фонды, асноўныя вытворчыя фонды).

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)